У школе адбылася літаратурна-музычная імпрэза з паэтам Міхасём Скоблам і спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай, якія завіталі да нас з Мінска.
У актавай зале Міхась Скобла чытаў свае вершы і загадкі. Таццяна Грыневіч, у сваю чаргу, пад акампанемент гітары выканала песні на словы класікаў беларускай паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых паэтаў. Вялікае ўраджанне пакінула выкананне паланэза “Развітанне з радзімай” М.К.Агінскага на словы С.Сокалава-Воюша. Таццяна расказала, што каб сыну Адасю было лягчэй вывучыць на памяць вершы, што задаюць у школе, начытвае іх на дыктафон. Потым прыдумалася грандыёзная ідэя – праспяваць і запісаць вершы, якія вывучаюцца ў школах з 1 па 11 клас і зрабіць такі альбом з вершаў і песняў. Дарэчы, спявачка з’яўляецца артысткай Белдзяржфілармоніі.
Госці імкнуліся зрабіць сустрэчу разнастайнай, далучаючы юных слухачоў да своеасаблівага дыялогу і гульні. Гэта выклікала зацікаўленасць залы. За правільныя адказы на арыгінальныя пытанні ў канцы сустрэчы вучні атрымалі падарункі.. Гасцям уручылі буклеты літаратурнага музея Ф.К.Багушэвіча ды сфатаграфаваліся з імі на памяць. Міхась Скобла і Таццяна Грыневіч наведалі школьны літаратурны музей Ф.К.Багушэвіча, дзе вельмі цікавіліся невядомымі старонкамі жыцця Францішка Багушэвіча ў загадчыка музея Галіны Лукша.
Вучні і настаўнікі, а таксама госці, засталіся задаволены сустрэчай. Дарэчы, была дасягнута дамоўленасць працягваць такія сустрэчы, але ўжо з уключэннем у праграму беларускіх танцаў.
 |