Музей падтрымлівае шэраг школьных традыцый, сярод якіх наступныя:
● правядзенне агляднай экскурсіі для першакласнікаў 1 верасня;
● правядзенне тэматычнай экскурсіі "Жупранская старонка”;
● віншаванне настаўнікаў школы з юбілеямі, Днём настаўніка;
● правядзенне вечарын ;
● прадаўжэнне напісання "Гісторыі школы”.
Стала добрай традыцыяй праводзіць у музеі літаратурныя вечарыны і экскурсіі для першакласнікаў 1 верасня. Пасля заканчэння школы ў музей абавязкова прыходзяць выпускнікі: частка іх школьнага жыцця застаецца тут, сярод экспанатаў музея, далучаючыся да жыцця іх папярэднікаў. Без музея ўжо немагчыма жыццё школы, бо яно будзе тады чымсьці мімалётным і непаўнавартасным. Таму што менавіта музей з’яўляецца культурна-асветніцкім цэнтрам школы, яе памяццю і візітоўкай.
Вучні Жупранскай сярэдняй школы ганарацца сваім музеем, які дазваляе ім у любы дзень дакрануцца да гісторыі школы і сваёй краіны. З такіх вось больш глыбокіх ведаў пра сваю краіну і пачынаецца патрыятызм, закладваюцца асновы маральнасці, адсюль ў будучым з падлетка вырастае грамадзянін краіны, адказны за яе лёс.
Музей неаднаразова выходзіў пераможцам раённых конкурсаў і аглядаў. Дзейнасць музея, пытанні работы з дзецьмі ў галіне краязнаўства неаднаразова разглядаліся на семінарах рознага ўзроўню, на старонках газет і часопісаў
Тыя, хто наведае літаратурны музей, яшчэ раз змогуць переканацца, што з вышыні больш чым стогадовага шляху, пройдзенага новай беларускай літаратурай ад часу выхаду ў свет твораў Францішка Багушэвіча, яскрава бачыш і разумееш: і адзін у полі Змагар, калі ты народны Паэт; і адзін Абаронца, калі ты Народны Паэт; і адзін Абаронца, калі ты жыццё і талент кладзеш за пакрыўджаных і абяздоленых. Кажуць, чалавек жыве, пакуль жыве памяць аб ім. Дзякуючы жупранцам, Ф.Багушэвіч будзе саграваць сваімі вершамі яшчэ не адно пакаленне.
ПОШУКАВАЯ І ДАСЛЕДНІЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ШКОЛЬНІКАЎ - ЗНАЧНЫ ЎКЛАД У РАЗВІЦЦЁ МУЗЕЯ
Літаратурны музей школы праводзіць сур’ёзную работу па выхаванні патрыятычных якасцей у школьнікаў. Гэта робіцца як з дапамогай лекцый, экскурсій, так і шляхам удзелу вучняў у пошукавай і навукова-даследчай дзейнасці. Так, напрыклад, вучаніца нашай школы Лукша Анастасія правяла даследчую работу па вывучэнню жыццёвага і творчага шляху Ф.К. Багушэвіча, гісторыі мястэчка Жупраны. У выніку напружанай работы з’явіліся віртуальныя экскурсіі "Жупранская старонка”, "Гісторыя вёскі Жупраны”, "Пясняр зямлі беларускай”.
Вучаніца школы Аляхновіч Аксана, даследуючы старонкі жыцця і дзейнасці Багушэвіча, даведалася, што у сына Багушэвіча Тамаша былі тры дачкі: Станіслава, Канстанцыя і Габрыэля, яны вучыліся ў Ашмянскай гімназіі. Са Станіславай Тамашэўскай (пакуль яна была жывая) вялася перапіска. Жыла яна ў горадзе Гіжыцку ў Польшчы. У час сталінскіх рэпрэсій Станіславу, чатырохгадовага сына Лешэка і сямігадовую дачку Крысціну арыштавалі і вывезлі ў Змеінагорск (Сібір). Толькі ў 1947 годзе Станіслава з дзецьмі прыехала ў Польшчу і ўз’ядналася з мужам Юзэфам, які ў хуткім часе памёр ад разрыву сэрца (25.01.1949г.). Пра лёс Канстанцыі вядома толькі тое, што яна нарадзілася ў 1913 годзе, а памерла ў 1974 годзе ў Польшчы. Габрыэля нарадзілася ў 1909 годзе, а памерла ў 1984 годзе таксама ў Польшчы.
Дачка Францішка Канстанцыя працавала настаўніцай музыкі ў Ашмянскай гімназіі. Памерла 02.12.1937 года, пахавана ў Жупранах. Мужам яе, дарэчы, быў стрыечны брат Ян Мніховіч.
Сын Тамаш вувучыўся ў Пецярбургу на архітэктара, некаторы час жыў у Барунах, выкладаў у Віленскім універсітэце.А ў лютым 1929 года па дарозе з Варшавы выкінуўся з поезда.
У час першай сусветнай вайны на сядзібе Багушэвічаў размяшчаўся нямецкі ваенны шпіталь, побач з сядзібай хавалі памерлых ад ран нямецкіх салдат.