ГІСТОРЫЯ СТВАРЭННЯ ШКОЛЬНАГА ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ
Зямля ашмянская вядома славутымі людзьмі, памяць пра якіх зберагаецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Старасвецкія жупранскія лясы, вузенькія вулачкі маленькага мястэчка, добрыя гасцінныя жыхары натхнялі нашага земляка Францішка Багушэвіча на напісанне бессмяротных радкоў. У сваю чаргу жупранцы, колькі б гадоў не мінула з таго часу, па крупіцах збіраюць і захоўваюць памяткі пра паэта. Мястэчка даўно ўжо стала месцам, куды прыязджаюць паэты, музыканты, літаратары і проста паклоннікі творчасці вядомага паэта.
Стварэнне музея ў Жупранскай сярэдняй школе імя Ф.К.Багушэвіча было ініцыятывай былога дырэктара школы Крайнова М. І. і настаўніка беларускай мовы і літаратуры Кадыркі К. А. З успамінаў самога Крайнова М.І. вынікае, што першыя экспанаты ў школьны музей трапілі з Ашмянскага краязнаўчага музея. Пад кіраўніцтвам К.А.Кадыркі вучні школы пісалі ў Дзяржаўны архіў Беларусі, архівы Польшчы, Украіны і Літвы, даследчыку творчасці Ф.Багушэвіча Уладзіміру Содалю.
Экспазіцыя літаратурнага музея стваралася паступова. Аналізавалі цікаўнасць вучняў да тых ці іншых момантаў жыцця краіны і яе гісторыі, біяграфіі Ф.Багушэвіча, улічвалі неабходнасць дапаўнення вучэбнага працэсу ілюстрацыйным матэрыялам, прапаганды дасягненняў школы і паказу ўдзелу вучняў у пошукавай і краязнаўчай рабоце. Так, раздзел за раздзелам, у лагічным парадку выбудоўвалася структура музея, што дазволіла праводзіць не толькі аглядныя экскурсіі, а і шэраг тэматычных.
Трапляючы ў літаратурны музей Ф.Багушэвіча, нібы пераносішся ў мінулае зямлі ашмянскай. Праз жыццё песняра наведвальнікі спасцігаюць гісторыю нашага павета, час, эпоху, якая нарадзіла вядомага паэта. Са старых фотаздымкаў глядзяць выявы Жупран: вось касцёл, старажытны выгляд паселішча, а побач – больш сучасныя здымкі, што адлюстроўваюць жыццё мястэчка.